| Марыяна Кіяноўская
* * *
Ты Авідый‚ хоць‚ зрэшты‚ зусім не такі‚
Бо жывеш у сталіцы й пакуль не ў апале‚
Толькі вершы твае філіграннымі сталі
І жанчыны імкнуць да цябе напрасткі.
Водар кожнай‚ бы ў корсткіх напояў‚ п'янкі‚ Залатыя і сьветлыя‚ нібы эмалі.
Іх навука каханьня штодня дасканалей‚
І пяшчота‚ іх станы‚ іх сьмех шапаткі...
Альбо‚ можа‚ ня так: ёсьць прырода ракі‚
І другі раз табе не ўвайсьці ў яе хвалі.
Толькі словы і сны надалей захавалі Найінтымнейшы з дотыкаў - поціск рукі.
Непрытомнасьць із стомаю ў Томах вякі.
Так Вэрлен палка прагнуў памерці ў Італіі.
3 аднаго боку - цнота‚ з другога - рэгаліі.
Ты - Авідый‚ хоць‚ зрэшты‚ зусім не такі.
* * *
Геральдыка жыцьця‚ Пусты магільнік.
Дзе‚ як бяльмо‚ спынілася маланка -
Аж на царкоўным купале. О, Божа!
Лаўровы ліст кухаркаю ўжываны.
Самотнік плоціць вершамі брудэрцы.
Галінкі сонца й каранёў ня маюць
Пад залацістым небам. Пачынае
Вандроўку Марка Пола. Па абтоках.
Тубыльцы. І магільнік. Без крыжоў.
І жоўтая ў глыбінях каравэла.
* * *
Сырэны плачуць‚ стогне Адысэй‚
Бо ўжо ня можа заставацца панам‚
Гудзе ў вушах натуга‚ нібы рана:
Адзіны раз пачуй - і звар'яцей.
Адзіны раз пачуй - і звар'яцей...
Адзіны раз памерці і навек:
Зламаць прастору‚ загарнуцца ў стому.
Здарожаны і дзіўны чалавек‚
Што дваццаць год вяртаецца дадому.
Ды нешта ёсьць‚ нязнанае яму‚
Бы ўтоеныя ад дзіцяці рэчы.
Сырэны... Морак мора... Дык каму
Накіне Пэнэлёпа плашч иа плечы?
Пераклаў з украінскай Андрэй Хадановіч
|