Мар'яна Саўка

* * *
Не прасьціна‚ а экран. Падымаюцца цені.
Нашыя целы суладныя ў перапляценьні
Доўгіх запясьцяў‚ патончаных пальцаў‚ грудзей.
Сьвечка патрэсквае сонна. Вецер гудзе.

Не прасьціна‚ а сэанс рэтраспэкцыі‚ Ў ім
Кадры падрогваюць‚ быццам у фільме нямым.
Толькі адзін эпізод абрываецца‚ дзе
Сьнег манатонны за белым экранам ідзе.

* * *
На вуліцы Ліста‚ у месяц‚ відаць‚ лістапад‚
Навала празрыстых небёсаў у чорнай аправе.
І гэты мінак - загарэлы і юны Сіндбад.
І мы - не чужыя. І стрэнемся‚ можа‚ на каве.

А сьнілася: мора‚ трывожнае мора ўначы.
Чарнее прычал у закінутым порце. А потым‚
Узяўшы на плечы сувой дарагое парчы‚
Ты сходзіш на бераг багатым купцом-мараходам.

Апошнні агеньчык пагасяць кварталы ўваччу‚
І мора заціхне‚ і зоры зіхцець будуць цьмяна‚
Ты русую дзеўчыну ў срэбную туліш парчу -
І міг не мінае‚ і пахне русінка мядзьвяна.

На вуліцы Ліста танцуюць сьлязінкі ў вачах
Ад шалу асеньняга сонца. Канец лістаиада.
У шэрых сумётах‚ відаць‚ парахнее парча.
Калюгі і брук - нібы лялечяы порт для Сіндбада.

Дыптых (2)

Маеш вёслы і човен. 3 табой перавозьнік у пары.
Паабапал ракі сонца плямы рудыя кладзе.
Валасы твае ў хвалях - заблытаны мокры гербарый.
Пара бледных далоняў - бы ластаўкі ў чорнай вадзе.

Толькі хто вы і дзе? Перавозьнік прамовіць ня ў змозе.
Цераз тоўшчу вады‚ як у росчын старога акна‚
Гэты сьвет пераходзіць. А хто і каго перавозіць -
Не пытайся, бо ўздымецца бура зь пяшчанага дна.

Пераклаў з украінскай Андрэй Хадановіч
Паводле: Мар'яна Савка Малюнки на камені‚ Киів‚ 1998.