Сяргей Жадан

украінскія авіялініі

салдат прэзідэнцкай аховы ня ведае страхаў і прымхаў
яшчэ памятаючы школу і блытаючыся ў чыпах
ня маючы як такога сэксуальнага досьведу ну там ананізм сёе тое
служба адно пачынаецца
і ў яго яшчэ ўсё наперадзе

дзе твая жмерынка вою дзе твая страчаная гражданка
хулі ты тут абліваесься бромам і кампотам
твой прэзыдэнт матае другую ходку
тваё сумленьне ластаўкаю пралятае над чаратамі і аўтабазаю
покуль сэржант дзеліцца з табою грэнкамі й гарачым шакаладам

але гэтая навалач клала на тваю рэспубліку
восъ яны нешта гаворацъ але напраўду яны клалі
на тваю рэспубліку
і яны пасылаюць цябе на фронт і ў нарад
і кожная бомба кожны снарад
ўсе запар зьбіваючы ладзяцъ у небе шыкоўны парад

вось і мінае восень пасьля зіма
прэзыдэнта даймаюць прыступы алергіі й сусьветнай тугі
прэзыдэнт здымае рэстаран гатэлю прэзыдэнцкі
сядае ў парожняй залі за шакаладны канцэртны раяль
ставіць на вечка сваё мартыні
й брынкае раптам ю мэйк мі філ зо янг фрэнка сынатры

ўжо ластаўкі пралятаюць над гатэлем прэзыдэнцкі
ваў думае прэзыдэнт узрушальная навіна
і выйшаўшы на гаўбец гатэлю
зьвяртаецца да пахаджан што сабраліся далавах
ну што - кажа прэзыдэнт - грузіны бля
па-мойму мы канчаткова заблыталіся хто тут бос
чый гэта бізнэс і чыі ў ім акцыі
падумайце як-небудзь пра тое што я вам сказаў грузіны

жыцьцё адно пачынаецца вою сьвет не такі ўжо галімы
ціхая ўкраінская ноч накрые капцёрку
а ўжо місыянэры кока-колы
прасочваюцца на новыя тэрыторыі
ўбіваюць флягштокі ў каменную паверхню
маўрытанскіх узьбярэжжаў
кроў пот і сьлёзы бронкса
кетчуп на вуліцах прыштыны
дзеці глябалізацыі - мы толькі пазнаем адно аднаго
з дапамогаю канфэрэнцыяў і зачыстак

вось скажам стары ісама бэн ладан
які валіць расійскіх пехацінцаў
войстрыць свой стылет
што зіхціць пад чырвоным паўмесяцам
вось бэи ладан гуляе ў пінг-понг
вось бэн ладан грызе фісташкі
вось бэн ладан стары крывавы бэн ладан
якім пужаюць дзяцей у калузе
выразае глянды пехацінцам
робячы зь іх дробныя сувэніры
для трох сваіх жонак

іхныя вусны гаркавыя нібы падсмажаны
ў солі мігдал і налітыя крывёю
іхныя пальцы даўгія ды цьвёрдыя
іхныя валасы
пахнуць зоркамі й нафтаю

але гэтая навалач абкрадае тваю краіну
яны нешта гавораць пра транш але напраўду
яны абкрадаюць тваю краіну
яны нешта пішуць пра пяскі і курорты
забараняюць траву і аборты
табе пакідаючы міннае поле сабе пакідаючы корты

ўсё таму што ўкраіна ёсьць вою вялікай ракой
перасекчы якую абломваюцца нават птушкі
й далятаюць адно да сярэдзіны
толькі самотная рыбіна рушыць за плыняю ў гэтай рацэ
падымаецца ўгору амаль на паверхню
амаль вырынае з вады
і трымаецца так высока
што ў левым воку ў яе
заўжды адбіваецца сонца
а ў правым - адпаведна -
месяц

якою б стомленаю яна ні была
і як бы позна
не вярталася
дадому

Пераклаў з украілскай Андрэй Хадановіч
Паводле: Кальміюс‚ №1-2 (13-14), 2001.